479 гадоў пасля Статута…
29 верасня 1529 на Віленскім сейме быў прыняты першы збор законаў на беларускіх землях –Статут Вялікага Княства Літоўскага. Кадыфікацыя законаў азначала пачатак стварэння агульнадзяржаўнага пісанага права на беларускай мове, замацоўвала гуманістычныя прынцыпы Рэнесансу праз узмацненне юрыдычнай аховы правоў чалавека.
Варта адзначыць, што Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 года абвяшчаў падсуднасць і падпарадкаванне ўсіх людзей, як багатых так і бедных, аднолькавым пісаным законам дзяржавы, замацоўваў усеагульнасць права, гарантаваў удзел у судаводстве прадстаўніка і абаронцы інтарэсаў асобы ў судзе, змяшчаў прагрэсіўныя для таго часу нормы аб свабодзе абарачэння маёмасці.
Прыняцце Статута ВКЛ 1529 года, бясспрэчна, ёсць значным этапам ў гісторыі развіцця ў беларускай дзяржавы, а сам Статут ВКЛ разглядаюць як першую Канстытуцыю феадальнай Еўропы.
З таго часу мінула 479 гадоў, адбылося шмат не менш значных падзеяў, якія вызначалі развіццё прававой думкі альбо сведчылі пра часы застоя, заканадаўчая тэхніка прайшла доўгі шлях развіцця. Але разам з тым дасканалыя прававыя формы яшчэ не выпрацаваны, новыя дасягненні адкрываюсь новыя патрэбы ва ўдасканаленні заканадаўчых актаў і асабліва механізмаў іх рэалізацыі.
Спадзяемся, што нарматыўныя прававыя акты сучаснай Беларусі будуць вызначацца ўсё больш высокім якасным узроўнем, які б дазваляў іх доўгатэрміновае і эфектыўнае прымяненне, бо пастаянства заканадаўца – гэта адна з найважнейшых гарантый для прадпрымальніка і інвестара.
